Запрашаем у каманду адукатараў Беларускага Універсітэту Залатога Веку!

Шукаем людзей, якія гатовыя дзяліцца карыснымі ведамі і ўменнямі, любяць сваю справу і людзей. Калі гэта вы – чакаем вашых заявак!

Другі сезон Універсітэту Залатога Веку распачнецца ў кастрычніку 2026 г. і працягнецца да красавіка 2027 г. 

Заняткі будуць адбывацца ў Беластоку, Варшаве, Гданьску, Уроцлаве, а таксама анлайн.

Што можна заявіць?

Вы можаце заявіць ў праграму УЗВ розныя тэмы і фарматы:

  • аднаразовую сустрэчу
  • 2-3 тэматычныя сустрэчы/майстар-класы/гасцёўні і інш.
  • курс на адзін семестр (6-12 заняткаў, якія будуць адбывацца раз на тыдзень альбо раз на два тыдні)
  • курс на два семестры (12-24 заняткі).

Асабліва вітаюцца тэмы, звязаныя з гісторыяй і культурай Беларусі, вывучэннем польскай мовы і культуры, медыяпісьменнасцю, падтрымкай і самаразвіццём.

Не абавязкова быць прафесійным выкладчыкам. Важна іншае:

– веды і кампетэнцыі ў сваёй тэме;

– досвед правядзення заняткаў, лекцый, майстар-класаў або навучальных сустрэч;

– уменне працаваць з дарослай аўдыторыяй;

– любіць людзей і мець цікавасць да іх гісторый;

– ствараць і быць часткай супольнасці.

Мы не чакаем, што вы проста «адпрацуеце праграму».

Мы прапануем вам прастору, у якой ваш досвед можа дапамагчы людзям здабыць новыя веды, натхніцца, адчуць сябе патрэбнымі і сучаснымі.

Навошта гэта?

Бо УЗВ — гэта не толькі пра лекцыі і іншыя заняткі.

Гэта пра людзей, якія пасля 55 не хочуць «згортваць жыццё», а хочуць вучыцца, сустракацца, адкрываць новае, дзяліцца сваім досьведам і адчуваць, што яны патрэбныя.

Магчыма, вашы веды і ваша падтрымка — гэта менавіта тое, чаго сёння не хапае камусьці побач.

Выкладаючы, вы не проста перадаеце веды.

Вы дапамагаеце чалавеку зноў адчуць цікавасць да жыцця.

Звярніце ўвагу, што выкладчыкі УЗВ працуюць як валанцёры.

Валанцёрства ў УЗВ — гэта не толькі тое, што мы даём іншым.

Гэта тое, што мы ствараем разам — для сябе, для людзей і для нашай беларускай супольнасці.

Як выкладчыкі УЗВ, вы будзеце мець:

  • магчымасць наведваць любыя заняткі УЗВ.
  • перавагу пры адборы ўдзельнікаў адукацыйных праграм нашай арганізацыі.
  • рэкамендацыі для ўдзелу ў розных конкурсах і праграмах, у час пошуку працы.
  • шчырую ўдзячнасць нашых студэнтаў і каманды!

Далучайцеся і развівайце Беларускі Універсітэт Залатога Веку разам з намі!

Анкеты-заяўкі на ўдзел у праграме прымаюцца да 10 верасня. 

Яшчэ запісы