“Давайце не губляцца!”: у Варшаве адбыўся першы выпуск студэнтаў Беларускага Універсітэту Залатога Веку
“Давайце будзем і на канікулах сустракацца і камунікаваць! Давайце не губляцца да наступнага сезону!” – пра гэта гаварылі студэнты Універсітэта Залатога Веку ў Варшаве, калі разыходзіліся пасля выпускной сустрэчы.

Першы сезон УЗВ для варшаўскіх студэнтаў скончыўся 17 красавіка цёплым і ўтульным вечарам у Беларускім моладзевым хабе, гаспадары якога некалькі месяцаў давалі сваю прастору для заняткаў.
Беларускі Універсітэт Залатога Веку ў Варшаве:
На сустрэчу прыехалі заснавальнікі Універсітэта Лана і Вітаўт Руднікі, каб сустрэцца з некалькімі дзясяткамі студэнтаў, выкладчыкамі, партнёрамі і гасцямі УЗВ.

Прысутныя змаглі паглядзець прэентацыю і ўбачыць, як праходзілі заняткі Універсітэта, а таксама пачуць шмат цёплых словаў ад заснавальнікаў УЗВ, выкладчыкаў і партнёраў.

Асаблівыя словы падзякі былі адрасаваныя выкладчыкам і выкладчыцам УЗВ, якія чатыры месяцы бясплатна праводзілі заняткі для студэнтаў УЗВ у Варшаве.

Удзельнікі сустрэчы таксама падзяліліся сваімі ўражаннямі ад першага сезону і прапанавалі ідэі, як можна ўдасканаліць працу Універсітэта ў будучым.

Удзельнікаў сустрэчы прывітала Агнешка Гаек – прадстаўніца Fundusz Obywatelski im. Ludwiki i Henryka Wujców, які падтрымаў працу Універсітэта ў першым сезоне.
На выпускны прыйшоў таксама нашчадак славутага роду Радзівілаў Мацей Радзівіл.

Ён быў прыемна здзіўлены, што існуе пляцоўка дзе могуць вучыцца і камунікаваць менавіта беларусы сталага веку, бо для польскіх пенсіянераў такіх установаў багата.
— Я падтрымліваю культуру ў розных месцах, таму ўсе такія ініцыятывы мне блізкія. Сёння я ўпершыню назіраю за дзейнасцю Беларускага Універсітэту Залатога Веку. Я лічу, што гэта выдатна, калі беларуская супольнасць у Польшчы можа інтэгравацца. Сюды прыходзяць людзі сярэдняга ўзросту і больш сталыя. Вельмі важна, каб яны мелі нейкую культурную прапанову. У наступным сезоне працы ўніверсітэту я планую распавесці яго слухачам пра гісторыю роду Радзівілаў. Як вядома, наш род звязаны з беларускім Нясвіжам, гэта найважнейшае месца для маёй сям’і, важнае таксама для Беларусі, паколькі гэта адзін з важнейшых абʼектаў спадчыны і культуры дзяржавы. Таму я вельмі рады быць тут сёння і бачыць яшчэ адну цікавую беларускую ініцыятыву ў Польшчы.
Адна са студэнтак, прафесійны харэограф, навучыла прысутных аднаму з традыцыйных танцаў.
Госці маглі частавацца стравамі, прыгатаванымі студэнтамі, натхнёнымі курсам “Традыцыйная беларуская кухня” Таццяны Бародкінай (на здымку ніжэй).

І, канечне ж, пакаштаваць цудоўны торт, зроблены спецыяльна для выпуской сустрэчы ўладальнікам кавярні “Какао. Беларускія выпекі” Яўгенам Скарабутанам.

Наступны сезон УЗВ у Варшаве распачнецца ўвосень, а пакуль у студэнтаў канікулы.







