Як стваралася каманда выкладчыкаў УЗВ
Першыя крокі па стварэнні каманды выкладчыкаў Беларускага Універсітэту Залатога Веку ў Польшчы былі зробленыя яшчэ на этапе даследавання адукацыйных патрэбаў сталых беларусаў у Польшчы, праведзенага вясной 2025 г.
Адно з пытанняў анкеты тычылася таго, ці гатовыя людзі быць выкладчыкамі УЗВ і якія тэмы заняткаў могуць прапанаваць.
Мы атрымалі тады больш за 40 станоўчых адказаў і аграмадны пералік тэмаў, якія людзі гатовыя выкладаць.
У час фокус-груп у Беластоку, Варшаве, Гданьску, Уроцлаве мы таксама заахвочвалі ўдзельнікаў заяўляць сябе як выкладчыкаў.
У кастрычніку быў абвешчаны набор выкладчыкаў УЗВ.
Вядомыя навукоўцы, музыкі, акторы, псіхолагі, эканамісты, спартоўцы, лекары, трэнеры нефармальнай адуцыі, журналісты ды іншыя цікавыя асобы – больш за 60 чалавек заявілі пра сваю гатоўнасць працаваць разам з намі!
Каля 40 патэнцыйных выкладчыкаў з розных гарадоў Польшчы ўзялі ўдзел 4 лістапада ў арыентацыйнай анлайн сустрэчы з камандай Універсітэта.
Далей пайшла руплівая праца па стварэнні праграмы заняткаў будучых курсаў УЗВ, падрыхтоўцы анонсаў для студэнтаў, стварэнні першага чарнавога варыянту раскладу заняткаў у кожным горадзе.
Афіцыйны набор студэнтаў УЗВ будзе абвешчаны ў сярэдзіне снежня.
Сачыце за нашымі навінамі!






