
Гэты курс для тых, хто мае смартфон, але хоча адчуваць сябе з ім больш упэўнена, адкрыць новыя магчымасці, навучыцца сучасным і карысным функцыям і тэхналогіям. Курс падыдзе людзям з базавым узроўнем падрыхтоўкі – дастаткова ўмець званіць і карыстацца простымі мэсэнджарамі.
На нашых занятках вы навучыцеся карыстацца асноўнымі функцыямі смартфона, наладжваць яго пад сябе, усталёўваць і выдаляць аплікацыі, распазнаваць небяспечныя сітуацыі ў інтэрнэце, карыстацца анлайн-банкінгам і лічбавымі плацяжамі, будаваць маршруты, шукаць патрэбныя месцы, працаваць з простымі інструментамі штучнага інтэлекту, здымаць і дасылаць фота і відэа, чытаць, слухаць музыку і выкарыстоўваць смартфон для хобі і развіцця.
Вы пазнаёміцеся з прынцыпамі лічбавай бяспекі, асноўнымі магчымасцямі сучасных сэрвісаў, штучным інтэлектам, а таксама тым, як тэхналогіі могуць палягчаць паўсядзённыя задачы, эканоміць час і дадаваць камфорту ў жыцці.
Унікальнасцю курса з’яўляецца даступная форма навучання: кожны занятак – гэта практычная работа са сваім смартфонам. Мы будзем спакойна і крок за крокам разглядаць функцыі, адразу іх выпрабоўваючы.
Для заняткаў нам спатрэбіцца толькі ваш смартфон. Дадатковых матэрыялаў не трэба.
Перыядычнасць заняткаў: раз на тыдзень, усяго 5 заняткаў. Пачынаем 19 студзеня.
Увага! Час і месца правядзення заняткаў могуць карэктавацца.
Хто праводзіць: Валерыя Ваўкагонава – адукатарка, грамадская актывістка, ментарка сацыяльных праектаў і паэтка. Валерыя захапляецца тым, як тэхналогіі могуць пашыраць магчымасці людзей і палягчаць іх штодзённае жыццё. Любіць ствараць вучэбныя праграмы, якія дапамагаюць адчуваць сябе ўпэўнена ў сучасным свеце і адкрываць новыя інтарэсы.