
Калі вам хочацца атрымаць новыя ўражанні, лепш зразумець горад, у якім вы жывяце, паглыбіцца ў яго гісторыю і культурныя сувязі — запрашаем на серыю тэматычных шпацыраў па Гданьску.
Наш курс прызначаны для тых, хто цікавіцца гісторыяй і гарадскім жыццём; для тых, хто хоча паглядзець на Гданьск не толькі як на сучасны порт, але і як на горад, дзе стагоддзямі сустракаліся і ўзаемна ўплывалі розныя культуры. Мы закранём сувязі горада з беларускімі землямі і гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, а таксама разгледзім Гданьск у больш шырокім гістарычным кантэксце.
На нашых сустрэчах вы пазнаёміцеся з маршрутамі, якія адкрываюць Гданьск праз яго гарадскую прастору: плошчы, храмы, набярэжныя, старыя кварталы і важныя будынкі. Мы будзем разглядаць, як горад фарміраваўся, што ўплывала на яго аблічча ў розныя часы і якім чынам у ім адлюстраваліся падзеі гісторыі. Асобную ўвагу мы нададзім сувязям Гданьска з беларускімі землямі і агульным старонкам мінулага.
Важнай часткай курса стануць музейныя заняткі, якія дазволяць працягнуць пазнанне Гданьска ўнутры музеяў. Мы наведаем Нацыянальны музей, Музей бурштыну і Музей сучаснага мастацтва, каб па-рознаму і даступна пазнаць гісторыю і характар гэтага горада праз мастацтва, прадметы мінулага і сучасныя выставы.
Асобны занятак адбудзецца ў Марыяцкай базыліцы – адным з галоўных цэнтраў прыцягнення ў Гданьску. Мы паглядзім на храм як на ключавы элемент гарадской структуры, разбярэм яго архітэктуру, мастацкае аздабленне і ролю ў жыцці горада
Унікальнасцю курса з’яўляецца магчымасць паслядоўна і з розных бакоў паглядзець на Гданьск: не павярхоўна, а з разуменнем яго гісторыі, архітэктуры, музеяў і таго, як горад жыў і змяняўся ў розныя эпохі. Нашы сустрэчы накіраваныя на веды, простыя тлумачэнні і спакойнае пазнанне, без складаных тэрмінаў і непатрэбнай інфармацыйнай перагрузкі.
Для заняткаў вам спатрэбяцца: зручны абутак ды адзенне па сезону.
Пажадана прыходзіць крыху раней, каб спакойна далучыцца да групы.
Мы не спяшаемся і не бяжым марафоны – тэмп шпацыраў павольны, падыходзіць людзям да 99 гадоў, з магчымасцю частых прыпынкаў і адпачынку.
Курс створаны для тых, хто хоча сапраўды зразумець Гданьск і яго месца ў гісторыі!
Перыядычнасць заняткаў:
Курс будзе праходзіць раз на два тыдні па суботах (некаторыя заняткі могуць быць перанесеныя на будні час) у 11.00. Пачынаем з 24 студзеня.
Увага! Час і месца правядзення заняткаў могуць карэктавацца.
Хто праводзіць:
Таццяна Скрыцкая і Ірына Мароз, беларускія гісторыкі і экскурсаводы, стваральніцы праекта «Гід Гданьск», які ўжо больш за тры гады аб’ядноўвае новых і дасведчаных гданьчан у жаданні крок за крокам пазнаваць Паморскі рэгіён.
Мы дапамагаем адкрываць Гданьск праз розныя фарматы: ад гарадскіх шпацыраў да музейных заняткаў і тэматычных сустрэч. Нашы маршруты — гэта не толькі агляд славутасцяў, але і глыбокае занурэнне ў горад, яго рытмы, асаблівасці і традыцыі.
Наш педагагічны і даследчыцкі досвед, вывучэнне і выкладанне гісторыі, археалогіі ды тэорыі мастацтва, а таксама сталае абнаўленне ведаў — тое, што адрознівае наш падыход ад павярхоўнага «інстаграмнага» знаёмства з горадам і робіць нашы заняткі змястоўнымі, дакладнымі і па-сапраўднаму карыснымі.