Стань часткай каманды Беларускага Універсітэту Залатога Веку

Запрашаем увайсці ў склад каманды Беларускага Універсітэту Залатога Веку ў Беластоку, Варшаве, Гданьску і Ўроцлаве на другі навучальны сезон (верасень, 2026 – красавік, 2027).

Універсітэт Залатога Веку – гэта месца, дзе сталыя беларусы ва ўзросце 55+ засвойваюць сучасныя веды і тэхналогіі, сустракаюцца са “сваімі” людзьмі і знаёмяцца з новымі, адкрываюць для сябе новыя гарады і культуры, захоўваюць сваю беларускасць, ствараюць тое, што цікава ім самім.

Для таго, как Універсітэт развіваўся, нам патрэбныя людзі, якія стануць сэрцам УЗВ у сваім горадзе.

Мы шукаем мясцовых каардынатараў УЗВ у гэтых гарадах, а таксама валанцёраў-асістэнтаў гэтых каардынатараў.

Гэта валанцёрская праца, але яна можа даць вельмі шмат:

  • сваю супольнасць — людзей, з якімі цікава і хочацца сустракацца;
  • магчымасць рэалізаваць свае ідэі — клуб, сустрэчу, экскурсію, дыскусію, новы праект;
  • новыя знаёмствы і сувязі — з удзельнікамі, выкладчыкамі і актыўнымі людзьмі ў іншых гарадах;
  • новы досвед — арганізацыя мерапрыемстваў, камунікацыя, праектная праца, digital-інструменты;
  •  магчымасць быць часткай вялікай справы, якая аб’ядноўвае беларусаў у розных гарадах Польшчы.
  • магчымасць наведваць любыя заняткі УЗВ.
  • мець перавагу пры адборы ўдзельнікаў адукацыйных праграм нашай арганізацыі.
  • атрымліваць ад нас рэкамендацыі на ўдзел у розных праграмах і конкурсах, пры пошуку працы і г.д.

І вам не трэба рабіць усё самастойна.

У вас будзе каманда УЗВ, агульныя інструменты, падтрымка і калегі-каардынатары з іншых гарадоў.

А што трэба рабіць?

Усё даволі проста. Наша праца пабудавана вакол апісанага ніжэй падыхода:

людзі → ідэі → сустрэчы → супольнасць.

Каардынатар – гэта чалавек, які дапамагае ствараць і падтрымліваць супольнасць УЗВ у сваім горадзе: каардынуе працу мясцовых выкладчыкаў, камунікуе са студэнтамі, партнёрамі, вядзе базавую дакументацыю, наведвае планёркі.

Асістэнты каардынатара – людзі, якія дапамагаюць каардынаваць працу пляцовак УЗВ, курыраваць асобныя накірункі дзейнасці гэтых пляцовак, пісаць пра дзейнасць УЗВ.

Не трэба быць прафесійным менеджарам.
Не трэба мець шмат вольнага часу.
Не трэба ўмець усё.
Нам патрэбныя людзі, якія скажуць:
«Я ведаю гэты горад. Я люблю людзей. І я хачу зрабіць тут нешта добрае разам з іншымі».

Калі гэта вы – калі ласка, запоўніце да 30 жніўня анкету-заяўку

Запаўненне анкеты займае каля 10-15 хвілін.

Будзем радыя папрацаваць разам!

Яшчэ запісы