Беларускі Універсітэт Залатога Веку ў Польшчы: пачынаем новы этап

Вучыцца. Сустракацца. Ствараць. Быць патрэбнымі. Ужо ў верасні ў Варшаве, Беластоку, Гданьску і Уроцлаве распачнецца другі сезон УЗВ, напоўнены новымі сэнсамі і магчымасцямі.

Універсітэт Залатога Веку – гэта не “аднаразовы праект”, не гурткі, дзе “нямоглыя пенсіянеры” вышываюць крыжыкам.

Гэта месца, дзе мы засвойваем сучасныя веды і тэхналогіі, сустракаемся са “сваімі” людзьмі і знаёмімся з новымі, адкрываем для сябе новыя гарады і культуры, захоўваем сваю беларускасць, ствараем тое, што нам самім цікава.

У другім сезоне мы захаваем усё лепшае, што ўжо спрацавала: цікавыя курсы і сустрэчы, выпускныя праекты і гасцёўні. І дадамо новыя фарматы, якія дапамогуць змагацца з адзінотай, ствараць супольнасць блізкіх па духу людзей і знаёміцца з польскай культурай, не забываючы пры гэтым свае беларускія карані.

Мы разам створым бяспечную прастору, дзе будзе магчымасць не толькі навучацца, але і дзяліцца сваімі ведамі, распрацоўваць свае праекты, дапамагаць іншым, падарожнічаць.

Заняткі УЗВ у другім будуць доўжыцца два семестры (кастрычнік-снежань, 2026 і студзень-красавік, 2027).

Набор выкладчыкаў на новы сезон УЗВ распачнецца ўжо ў канцы жніўня, а ў верасні стартуе набор студэнтаў.

Сачыце за нашымі абвесткамі, дзяліцеся са сваімі сябрамі і блізкімі, падтрымлівайце нас ахвяраваннямі!

Яшчэ запісы