УЗВ-Уроцлаў: сустрэнемся увосень!

Студэнты, выкладчыкі, арганізатары і госці сабраліся 25 красавіка на выпускную сустрэчу Беларускага Універсітэту Залатога Веку ва Уроцлаве, прысвечаную сканчэнню заняткаў першага семестру УЗВ.

– Сімвалічна, што нашая сустрэча праходзіць сёння ва Уроцлаве – горадзе, з якога пачыналася гісторыя беларускіх Універсітэтаў Залатога Веку. Менавіта са знаёмства з працай Універсітэту трэцяга веку пры Уроцлаўскім універсітэце пачалося стварэнне першага беларускага УЗВ у Гродне. Мы не раз ездзілі адзін да аднаго ў госці, абменьваліся досведам. А сёння – адзначаем тут завяршэнне першага сезону Беларускага УЗВ у Польшчы.

З такіх словаў распачала сваю вітальную прамову кіраўніца праграмы УЗВ, старшыня праўлення Міжнароднага фонда развіцця адукацыі дарослых Лана Руднік.

Беларускі УЗВ ва Уроцлаве ў лічбах:

  • 6 курсаў
  • 38 заняткаў
  • 19 агульных сустрэч
  • 16 выкладчыкаў
  • 54 студэнты

Заняткі ва Уроцлаве праходзілі ў будынку Dolnośląska Biblioteka Publiczna im. Tadeusza Mikulskiego, якая з’яўляецца партнёрам УЗВ у гэтым горадзе. Тут жа праходзіла і выпускная сустрэча.

Удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць прыгадаць яркія моманты першага сезону, выказаць словы падзякі арганізатарам і выкладчыкам, якія атрымалі таксама сімбалічныя падарункі ад кіраўніцтва УЗВ.

Разынкай сустрэчы стала таксама святочная латэрэя, пераможцы якой атрымалі цудоўныя падарункі ад бібліятэкі.

Ну а пасля афіцыйнай часткі ўсіх чакаў святочны торт і канцэрт.

Вось якімі ўражаннямі студэнты з Уроцлава падзяліліся ў падсумаваўчай анкеце:

Усе курсы праводзіліся найвышэйшым узровень, супер!!! Унікальнасць УЗВ у тым, што тут аўдыторыя майго узросту, цёплая атмасфера, высокі прафесійны узровень заняткаў і добры падбор валантораў- выкладчыкаў курсаў.

Вольга

Вельмі прыемная атмасфера, цудоўная арганізацыя, цікавая навучальная праграма.

Марына

Гэты праект дае людзям магчымасць зберагчы свае здароўе, быць актыўнымі, праяўляць ініцыятыву і актыўную пазіцыю да жыцця на працягу доўгага часу, мець свае асабістае жыццё асобна ад блізкіх, что робіць чалавека з узростам цікавым і энергічным.

Ірына

Уникальность «Университета Золотого Века» в том, что он создаёт пространство для обучения и активной жизни людей 50+. Здесь можно не только получать новые знания, но и общаться, чувствовать поддержку, оставаться включённым в общество и сохранять интерес к развитию и новым впечатлениям.

Женя

Цяпер студэнты УЗВ ва Уроцлаве пайшлі на канікулы, каб вярнуцца да заняткаў увосень.

Яшчэ запісы