Дзякуй, Беласток! Першы сезон Беларускага УЗВ у сталіцы Падляшша скончаны

Тэатральная пастаноўка і выстава творчасці студэнтаў, падарункі выкладчыкам і … ад выкладчыкаў, святочны торт і шмат цеплыні. У такой атмасферы 22 красавіка ў Беластоку праходзіла выпускная сустрэча Беларускага Універсітэту Залатога Веку.

Імпрэза праходзіла ў Суседскім доме – прасторы, створанай актывістамі і валанцёрамі Fundacjі OKNO NA WSCHÓD, якая з’яўляецца партнёрам УЗВ у Беластоку.

Сустрэча распачалася з тэатральнай пастаноўкі “Сведка”, падрыхтаванай удзельніцамі курса акторскага майстэрства (кіраўнік Аляксандр Енджэўскі) па п’есе пісьменніка-фантаста Сяргея Антонава.

Жыў-быў верабей. Самы звычайны беластоцкі верабей. Вы, напэўна, бачылі яго, калі назіралі за качкамі з моста праз раку Белую каля галерэі «Юравецкая». Верабей часта бываў там, каб пачырыкаць з качкамі і падсілкавацца хлебнымі крошкамі на заднім двары найбліжэйшай міні-пякарні.
Жыццё вераб’я было вясёлым і бесклапотным. Ён грэўся на сонейку, пералятаючы з даху на дах, піў ваду з лужын, любаваўся ўсходамі і заходамі сонца з даху Опернага тэатра, не прапускаў ніводнага свята на плошчы Касцюшкі і любіў сядзець на гарадской інсталяцыі «BIAŁYSTOK», асабліва на літары «Ł».

Акторкі напоўніцу прадэманстравалі свае артыстычныя таленты, прымушаючы гледачоў то ўсміхацца, то заміраць у роздуме пасля асобных цытат ды дыялогаў.

Пасля паказу ўдзельнікі сустрэчы яшчэ доўга не адпускалі акторак і Аляксандра Енджэеўскага з імправізаванай сцэны, адорваючы іх апладысментамі.

У эміграцыі людзі сталага ўзросту неяк губляюцца. Універсітэт робіць цуд – мы зноў патрэбны адзін аднаму, з’яўляюцца новыя цікавосткі, новыя веды, новыя знаёмствы з аднадумцамі. Быццам крылы вырастаюць. Зразумееш, што многае можаш і многаму зможаш навучыцца.

Наталля

Бурныя апладысменты заслужыла таксама мастачка Кацярына Еўдакімава, якая дапамагла з дэкарацыямі да пастаноўкі.

А яшчэ ўдзельнікі вечарыны ўбачылі выставу творчасці ўдзельніц курса “Дом, у якім жыве сэрца”, які вяла Кацярына.

Огромная благодарность организаторам УЗВ! В иммиграции не хватает общения. А Вы организовали для нас этот круг общения! Я познакомилась с интересными людьми!

Людміла

Упрыгожваннем сустрэчы стала і дэманстрацыя паясоў, вытканых удзельніцамі курса пад кіраўніцтвам Рэгіны Лавор (на здымку ніжэй зправа).

Кіраўніца курса “Жывы розум” Ганна Шыкуць прыйшла з падарункамі для сваіх студэнтак і гасцей сустрэчы.

Цёплыя словы ў бок сваіх студэнтаў адрасавала таксама выкладчыца курса польскй мовы Алена Калько.

Усе выкладчыкі курсаў і заняткаў УЗВ у Беластоку атрымалі таксама падзякі і памятныя падарункі ад кіраўніцы праграмы УЗВ, старшыні праўлення Міжнароднага фонда развіцця адукацыі дарослых Ланы Руднік, а таксама ад кіраўніка Fundacjі OKNO NA WSCHÓD Паўла Міцкевіча.

Беларускі Універсітэт Залатога Веку ў Беластоку. Лічбы першага сезону:

  • 6 курсаў
  • 58 заняткаў
  • 5 агульных сустрэч
  • 11 выкладчыкаў
  • 28 студэнтаў

Заняткі УЗВ у новым сезоне адновяцца ўвосень бягучага года.

Яшчэ запісы