Дзякуй і да сустрэчы! У Гданьску прайшла выпускная сустрэча Беларускага Універсітэту Залатога Веку

Урачысты выпуск студэнтаў першага набору Універсітэту ў Гданьску адбыўся 16 красавіка ў Еўрапейскім Цэнтры Салідарнасці. Удзел у сустрэчы бралі студэнты, выкладчыкі, арганізатары УЗВ, а таксама запрошаныя госці.

Сустрэча пачалася з кароткага падсумавання вынікаў першага сезону працы УЗВ у Граньску, які доўжыўся з 15 студзеня да 16 красавіка.

  • 8 курсаў
  • 56 заняткаў
  • 7 агульных мерапрыемстваў
  • 14 выкладчыкаў
  • 28 студэнтаў

Кіраўніца праграмы Лана Руднік (на фота ў цэнтры) у сваім вітальным выступе адзначыла:

– Любая новая справа падобная на кавалак неапрацаванай гліны – цвёрды, халодны, бязформенны. Каб з яго нешта атрымалася – трэба шмат цеплыні сэрца, рук, шмат энэргіі.

Наша каманда, усе вы стараліся аддаваць як мага больш гэтай цеплыні. Я шчаслівая, што з гэтага кавалка нам атрымалася зрабіць цудобны твор – наш Універсітэт. Дзякуй вялікі вам за гэта!

Павіншаваць выпускнікаў першага набору прыйшлі госці з Kawiarenki Literackiej (кіраўніца – Крыстына Вазьніцка), якая дзейнічае пры Суседскім доме ў мікрараёне Хэлм. Прыйшлі не з пустымі рукамі, а з творчым падарункам – літаратурнай пастаноўкай “Скандалісткі”.

На сцэну перад студэнтамі УЗВ выходзілі Фрыда Кало і Маргарэт Тэтчэр, Мэрэлін Манро і Іга Свёнтэк ды іншыя знакамітыя жанчыны. Кожная з іх дзялілася сваімі прынцыпамі жыцця, якія натхнялі не адно пакаленне людзей.

Удзельнікаў сустрэчы чакалі і іншыя творчыя падарункі.

Студэнткі курса “Чароўны свет мастацтва” на чале з Наталляй Бекіш (на першым здымку зправа) прэзентавалі сваю першую выставу твораў.

Незабыўныя ўражанні пакінуў таксама выступ госці з Ольштына. Беларускія песні ў яе выкананні выклікалі і ўсмешкі і слёзы.

Яркім момантам сустрэчы стала ўзнагароджанне выкладчыкаў УЗВ лістамі падзякі і памятнымі падарункамі.

Кожная выкладчыца, якая выходзіла на сцэну, дзякавала сваім студэнтам за цеплыню, творчасць, цікаўнасць і дабразычлівасць.

Ну а студэнты не шкадавалі для выкладчыкаў сваіх апладысментаў.

Важнай часткай сустрэчы стала падсумаванне вынікаў працы першага сезона і агучванне ідэй для новага сезону.

Студэнты і выкладчыкі ў групах абмярковаўвалі, што атрымалася, што можна было б зрабіць інакш, а таксама дзяліліся сваімі ідэямі ў фармаце “А давайце!”.

Так былі агучаныя ідэі новых курсаў, сумеснага пікніка ды шмат якіх іншых мерапрыемстваў.

Скончылася сустрэча сумесным “салодкім сталом”, за якім працягвалі гучаць падзякі, пажаданні, ідэі на будучыню.

Вось некалькі ўражанняў, якія пакінулі студэнты:

– Універсітэт стаў для нас сапраўдным домам, дзе цёпла і ўтульна, дзе цябе чакаюць і разумеюць!


– Вялікі дзякуй за Сустрэчу! За Першы выпускны вечар Мы сталі, як адна Вялікая Сям’я!

– Перапынак, вядома, патрэбны арганізатарам, але мы ўсе будзем сумаваць і чакаць з нецярпеннем новага семестра.

Цяпер ва Універсітэце Залатога Веку распачынаюцца канікулы. Ну а новы сезон распачнецца ўжо ўвосень.

Яшчэ запісы