Тыдзень ва УЗВ: вандруем, вывучаем мовы і нават кухарым!

Да сканчэння першага семестру працы УЗВ застаецца ўжо месяц, але жыццё на ўсіх чатырок пляцоўках Універсітэту кіпіць напоўніцу!

УЗВ-Гданьск

На мінулым тыдні ў Гданьску прайшоў занятак з Юліяй Шаўчэнка “Майстэрства рэлаксацыі”. Удзельнікі вярнуліся ў свае самыя прыемныя ўспаміны з дзяцінства, паспрабавалі знайсці ў іх цяплыню, апору і рэсурс, які так неабходны дарослым.

Скончыўся курс Юрася Каласоўскага “Беларуская мова ў паўсядзённым ужытку”. Студэнты былі вельмі ўражаны і задаволены курсам і тым, як спадар Юрась праводзіў свае заняткі. Шмат гульняў, размоў, карысных ведаў.

“Спадар Юрась, велізарная падзяка! Увесь вечар і амаль палову ночы прасядзела на сайтах “Беларускай палічкі” і “Kamunikatu”, гартаючы старонкі любімых паэтаў. Такі вялізны пласт культуры і духоўнасці таленавітага народа. У цэнтры Еўропы. Годнае месца сярод усіх. ЧАС. ВЕХІ.  ВОЛАТЫ. І ў нашай рэчаіснасці, у якой мы адарваны ад сваіх бібліятэк, Ваша дзейнасць неацэнная. Нагадваць, знаёміць, даносіць да свядомасці. ВЫСОКАЕ СЛУЖЭННЕ. Шчырыя словы захаплення і падзякі!” 

Таксама ў Гданьску прайшла агульная лекцыя “У пошуках каранёў Беларускай кухні” з кандыдаткай гістарычных навук Святланай Лугаўцовай.

Было шмат гісторыі, імён, смакаў. Студэнты нават атрымалі рэцэпт баранак, па якому іх гатавалі больш за сто гадоў таму.

На курсе “Чароўны свет мастацтва” на гэтым тыдні паляцелі неверагодныя матылькі! 

Працягваюцца онлайн заняткі італьянскай мовы, дзе студэнты ўсё больш паглыбляюць свае веды ў італьянскай мове.

Тыдзень скончыўся экскурсіяй “ЦАРСТВО СПЯЩИХ”. Студэнты  даведаліся пра гданьскія некропалі, традыцыі і непростую гісторыю, звязаную з Царствам спячых, а таксама, як важныя гістарычна беларусы звязаны з гданьскімі некропалямі.

УЗВ-Беласток

Тут на мінулым тыдні адбыліся заняткі па скандынаўскай хадзьбе, тэатральным майстэрстве, маляванні, фітнэсе для мозга і ткацтве.

Некаторыя моманты з заняткаў глядзіце ў нашым фотарэпартажы.

УЗВ-Варшава

Чарговы тыдзень прынёс нашым варшаўскім студэнтам шмат карыснага.

Распачаўся курс Таццяны Дзямчук “Унутраныя апоры ў эміграцыі: як падтрымліваць сябе”, на якім студэнты вучацца знаходзіць рэсурс, каб жыццё ў эміграцыі не заганяла ў дэпрэсію. 

На чарговым занятку па традыцыях беларускай кухні студэнты знаёміліся з сялянскай, гарадской і карчомнай кухняй.

І даведаліся ад Таццяны Бародкінай, што:

  • мачанка — гэта не страва, а спосаб есці;
  • зацірка вядомая з XV ст. і часта была ежай у галодныя часы;
  • поліўка — густая страва “2 у 1”;
  • верашчака – від мачанкі з цікавай гісторыяй: страва звязваецца з кухмістрам Верашчакам пры двары Аўгуста ІІІ, адкуль яна прыйшла да простых людзей.
  • першы занатаваны рэцэпт дранікаў належыць ірландцам, але на беларускія землі традыцыя прыйшла праз яўрэйскую кухню, бо менавіта яны аднымі з першых пачалі таркаваць бульбу;
  • зразы спачатку былі мясной стравай для магнатаў. Паводле анекдатычнай гісторыі, сын французскай каралевы Кацярыны Медычы, апынуўшыся ў Польшчы, пачуў тост «за Радзівіла» і пасля не змог успомніць назву стравы, паўтараючы “зраз…”. З часам зразы прыйшлі і на сялянскі стол – ужо з бульбы, як танная і смачная страва.
  • знакамітая крамбабуля мае еўрапейскія карані і стала папулярнай дзякуючы студэнтам з беларускіх зямель.

На агульнай лекцыі, якая адбылася 19 сакавіка, вядомы доктар Андрэй Вітушка пзнаёміў слухачоў з асаблівасцямі і перавагамі польскай медычнай сістэмы.

Госць расказаў куды і калі звяртацца па экстранную і планавую дапамогу, як атрымаць скіраванне да спецыялістаў, якія лекі і для каго кампенсуюцца дзяржавай, што польская дзяржава робіць для прафілактыкі захворванняў.

А таксама слухачы даведаліся, як лепш камунікаваць з медычным персаналам, якія ёсць правы ў пацыентаў і хто іх абараняе.

Яшчэ запісы