Тыдзень з УЗВ: актыўна, атмасферна, карысна

Ва Універсітэце Залатога Веку распачаўся апошні месяц заняткаў першага сезону. Некаторыя курсы ўжо скончылі сваю працу, а некаторыя толькі пачынаюцца. Глядзіце нашую традыцыйную справаздачу пра тое, чым жылі на мінулым тыдні студэнты УЗВ ва Уроцлаве, Варшаве, Беластоку і Гданьску.

УЗВ-Уроцлаў

Тут на мінулым тыдні скончыліся заняткі курса па генеалогіі, які праводзіла Людміла Уладысік.

Удзельнікі курса ацанілі яго карыснасць вельмі высока і адзначылі, што мелі магчымасць не толькі больш даведацца пра гісторыю свайго роду, але і атрымлівалі на кожным занятку вялікую порцыю натхнення.

– Я хачу пакінуць водгук пра курс генеалогіі Людмілы Уладысік з надзеяй, што ў наступным годзе будзе нешта падобнае. Цеплыня, любоў да жыцця, жаданне дзяліцца ведамі і распаўсюджваць іх адгукаюцца ў сэрцы зацікаўленасцю і жаданнем усё больш і больш паглыбляцца ў гісторыю не толькі сваёй сям’і, але і мясціны, адкуль ты родам.

Пачынаеш глядзець на сваё жыццё праз культуру тых часоў і той скарб, які пакінулі пасля сябе продкі — прыходзіць разуменне і досвед. Асабіста хачу адзначыць творчы падыход да заняткаў, што рабіла іх лёгкімі і эмацыйна насычанымі. Вялікі дзякуй, Людміла! Гэта было неверагодна. Дзякуй, Алеся, за арганізацыю прасторы і за такіх цікавых выкладчыкаў.

Таксама ва Уроцлаве адбыліся заняткі па бібліятэрапіі і па гісторыі.

А яшчэ прайшоў творчы майстар-клас па шыцці птушак, які вельмі натхніў усіх яго наведвальніц.

УЗВ-Варшава

На мінулым тыдні ў Варшаве скончыліся заняткі польскай мовы. Усе без выключэння студэнты былі ў захапленні ад выкладчыцы Касі Рэмбезы і ўсе вельмі чакаюць працягу такіх заняткаў у наступным сезоне.

На апошнім занятку студэнты ўручылі Касі памятны падарунак і букет руж, а таксама зачыталі віншаванне па-польску.

Вельмі ўдзячна Універсітэту Залатога Веку за курсы польскай мовы. Пані Кася не проста перадае веды, а ўкладвае часцінку сваёй душы!  Для мяне гэта быў штуршок да пераадолення моўнага бар’ера, польская мова стала больш зразумелай, бо пані Кася расклала яе “па палічках”… На кожнай палічцы – свая тэма з польскіх слоў і выразаў. Жадаю Універсітэту ўсяго найлепшага ў будучыні! – напісала студэнтка Антаніна.

Заняткі былі вельмі цікавымі, добра скамплектаванымі па тэмах і нескладанымі для запамінання. Заняткі праходзілі ў форме сяброўскага дыялогу, што спрыяла разняволенасці і актывацыі размоў. Было б цудоўна, калі б пані Кася змагла прадоўжыць заняткі ў наступным семестры! Заплануйце, калі ласка! – напісала Раіса.

Адны заняткі скончыліся – іншыя распачаліся. Выкладчыца Таццяна Бародкіна пазнаёміла студэнтаў з традыцыямі беларускай кухні, кожнаму падарыла прэзент у выглядзе набору паштовак з рэцэптамі традыцыйных беларускіх страў.

А яшчэ пачаставала найсмачнейшым бігасам! 

На майстар-класе па рэгуляванні канфліктаў разам са Станіславам Ботвіным студэнты вучыліся знаходзіць прычыны канфліктаў і спосабы із вырашэння, паспрабавалі сябе ў якасці медыятараў.

УЗВ-Беласток

Тут таксама адбылося шмат чаго цікавага.

На занятку курса «Жывы розум, ці фітнес для мозгу» студэнты зноў трэніравалі памяць, увагу і мысленне.

У творчай атмасферы прайшлі заняткі па тэатральным майстэрстве і маляванні.

Аматары здаровага ладу жыцця прадуктыўна прагуляліся на занятках па скандынаўскай хадзьбе з Раманам Ваўчком.

На чарговым занятку курса «Повязь часоў» з Рэгінай Лавор удзельніцы ўжо пачалі вышываць і асвойваць новыя ўзоры.

Слухачы курса польскай мовы працягвалі пашыраць свой слоўнікавы запас.

Ну а разынкай тыдня стала сустрэча з журналістам і краязнаўцам Русланам Кулевічам.

Руслан распавёў пра тое, як збіраў успаміны гарадзенцаў для сваіх кніг, паказваў цікавыя фотаздымкі і відэа.

УЗВ-Гданьск

На мінулым тыдні ў Гданьску скончыўся курс Галіны Самойлавай “Жыць з радасцю і не хварэць”. Студэнты, якія прайшлі гэты курс, атрымалі шмат карысных ведаў і ўжо пачалі ўжываць гэтыя веды ў сваім штодзённым жыцці.

Мы з’яўляемся тым, што думаем, што ў нас у сэрцы. Вельмі важна разумець, што прыймае наш арганізм і чуць, як ён нам дзякуе. Дзякуй Галіне за падрыхтоўку такіх файных заняткаў!

А вось што распавяла нам сама Галіна:

– Я вельмі ўдзячна сваім слухачам. Нашае супрацоўніцтва, а гэта былі менавіта такія адносіны, было двухбаковым і плённым. Я напэўна планую працягваць свае курсы і ў наступным семестры.

На занятках беларускай мовы з Юрасём Каласоўскім студэнты праз гульні вывучалі новыя словы і трэніравалі свае творчыя здольнасці, а таксама ўзгадалі паэтаў і пісьменнікаў, якія зрабілі вялікі ўплыў на развіццё беларускай культуры. 

На курсе “Чароўны свет мастацтва” на гэтым тыдні студэнты скончылі працу над малюнкамі кветак і пазнаёміліся з тэхнікай манатыпія.

Заняткі УЗВ будуць доўжыцца да сярэдзіны красавіка.

Яшчэ запісы