Тыдзень з УЗВ: працягваем атрымліваць карысныя веды і кампетэнцыі
Запаўняць і самастойна падаваць падатковыя дэкларацыі, больш упэўнена размаўляць па-польску і па-беларуску, даследаваць гісторыі сваіх сем’яў, развіваць каардынацыю, увагу і памяць. Усяму гэтаму на мінулым тыдні навучаліся студэнты Беларускага УЗВ.
УЗВ-Варшава
На мінулым тыдні ў Варшаве скончыўся курс Наталлі Руселік “Як адаптавацца да змен і заставацца ў рэсурсе”.

Студэнты, што яго наведвалі, проста ў захапленні і чакаюць працягу ў наступным сезоне.
Хацела б падзякаваць Універсітэт Залатога Века за магчымасць паспрабаваць групавыя коўчынг-заняткі. Наталля Руселік – цудоўны чалавек і высокакваліфікаваны прафесіянал. Дзякуючы гэтым заняткам я змагла лепш пазнаць сябе. Шчыры дзякуй усёй камандзе за вашу цеплыню, прафесіяналізм і клопат пра кожнага студэнта”.
Перадапошнія заняткі прайшлі па інстаграму і польскай мове.
Вось які водгук атрымаў вядучы курсу пра Інстаграм Васіль Ядчанка:
Заняткі з Васілём – гэта заўсёды асаблівая атмасфера: лёгкая, жыццярадасная, з добрай доляй гумару. Кожны ўрок быў не толькі цікавым, але і сапраўды карысным. З заняткаў сыходзіла з новымі ведамі і ў выдатным настроі!
На другім занятку курса “Без панікі” Ала Шарко пазнаёміла студэнтаў з некаторымі практыкамі ўтрымання сябе ў раўнавазе.
На занятку па фінасавай пісьменнасці студэнты змаглі самастойна падаць свае падаткавыя дэкларацыі.
Агулам тыя студэнты, што наведвалі заняткі апошнія два месяцы, вельмі цёпла адгукаюцца пра УЗВ і яго выкладчыкаў.
Вось якія цёплыя словы атрымала выкладчыца фотакурса Вольга Шукайла:
Мяне зачараваў фотакурс Вольгі сваёй цеплынёй. Адчуваецца, што Вольга шчыра захоплена сваёй справай і гэтак жа шчыра хоча перадаць гэтую любоў нам. Заняткі былі інтэнсіўнымі і натхняльнымі. Калі Вольга будзе праводзіць практычны занятак, я абавязкова паспрабую знайсці магчымасць прыйсці!
УЗВ-Уроцлаў
Тут адбыліся чарговыя заняткі па генеалогіі, падчас якіх удзельнікі працягвалі даследаваць гісторыі сваіх сем’яў і адкрываць новыя старонкі ўласнага роду.
Прайшоў першы занятак курса па бібліятэрапіі. Падчас сустрэчы ўдзельнікі пазнаёміліся з ідэяй і праграмай курса, а таксама атрымалі дзённікі чытання, якія дапамогуць ім запісваць уражанні ад кніг і назіраць за ўласным чытацкім досведам.
Вельмі цёпла і душэўна прайшла прэзентацыя кнігі «Патаемная спадчына». Падчас сустрэчы адбылося чытанне адной з казак, што стварыла асаблівую атмасферу і аб’яднала слухачоў.


Пасля прэзентацыі адбыўся творчы майстар-клас, падчас якога ўдзельнікі зрабілі прыгожыя закладкі для кніг.
УЗВ-Беласток
І тут заняткі курсаў УЗВ адбываліся згодна з раскладам.
Надвор’е спрыяла ўдзельнікам курса па скандынаўскай хадзе, якія з задавальненнем прагуляліся па свем і ужо больш цёплым паветры. Як заўсёды, пасля такіх сустрэч было шмат усмешак і прыемных водгукаў.
Зноў шмат удзячных водгукаў атрымаў чарговы занятак курса «Жывы розум». Яго наведвальнікі працавалі актыўна, з цікавасцю і добрым настроем.

Кожная студэнтка атрымала працоўную папку: усе заданні прагаварылі. Штосьці паспрабавалі зрабіць – калектыўна і паасобку, а штосьці забралі для самастойнай працы дома. І лічылі, і працавалі са словамі, і колеры называлі, і ў далоні пляскалі, і адначасова правай і левай рукой малявалі фігуры.
Тое ж самае было на занятку па тэатральным майстэрстве. Тут ўдзельнікі працягваюць працаваць над практыкаваннямі, асвойваць новыя мастацкія прыёмы і ўсё больш смела адчуваць сябе на сцэне.
УЗВ-Гданьск
На гэтым тыдні заняткі УЗВ зноў прайшлі прадуктыўна і ў вельмі пазітыўнай атмасферы.
Удзельнікі актыўна ўключаліся ў працу, з цікавасцю выконвалі практыкаванні і працягвалі асвойваць новыя веды і ўменні.
На занятках па нейрагімнастыцы надавалі ўвагу развіццю каардынацыі, увагі і памяці.
Хочется выразить слова благодарности за удивительный курс “Нейрогимнастика”, за те интереснейшие задания, упражнения, которые преподаватель для нас подбирает. Все упражнения помогают тренировать память, внимание, мышление, стрессоустойчивость и многое другое.

На моўных занятках пашыралі слоўнікавы запас і замацоўвалі новыя маўленчыя канструкцыі.
Хочацца падзякаваць спадару Юрасю за магчымасць чуць і вывучаць нашу такую мілую, родную, мілагучную мову. Нам пашчасціла вучыцца ў такога таленавітага чалавека. Юрась стварае заданні, дзе мы вывучаем мову праз культурныя, гістарычныя, геаграфічныя аспекты, пашыраючы наш кругагляд пра нашу Бацькаўшчыну.

На занятках па маляванні спрабавалі розныя тэхнікі і развівалі творчае мысленне.
Тыдзень УЗВ у Гданьску традыцыйна скончыўся экскурсіяй па горадзе.

А яшчэ разынкай мінулага тыдня сталі анлайн-заняткі па італьянскай мове, да якіх змаглі далучыцца студэнты з усіх гарадоў, дзе працуе УЗВ.







