Тыдзень ва УЗВ: удзячныя водгукі, новыя курсы, падрыхтоўка выпускных праектаў
Студэнты УЗВ у Варшаве, Беластоку, Гданьску і Уроцлаве працягваюць атрымліваць карысныя веды і ахвотна дзеляцца сваімі ўражаннямі ад навучання.
УЗВ-Варшава
Тут на мінулым тыдні скончыўся курс “Упэўненае карыстанне смартфонам”.

Вось што пра яго распавядаюць выкладчыца Валерыя Ваўкагонава і яе студэнты:
– Курс сапраўды адпавядаў сваёй назве. Амаль усе удзельнікі курса зараз карыстаюцца аплікацыямі сацыяльных сетак, мэсэнджараў, мапаў. Але па-за гэтым базавым наборам бывае складана. Таму на курсе мы вывучалі штучны інтэлект, мабільныя плацяжы, наладкі бяспекі. Таксама па запыту групы разбіраліся з профілем зауфаным, скрынкамі e-Doręczenia. Спадзяюся, кожны і кожная атрымалі ад курса нешта карыснае.
Валерыя Ваўкагонава
Гэта было проста цудоўна! Хаця я думала, што трохі разумею ў штучным інтэлекце, на курсе адкрыла для сябе столькі новых фішачак, спосабаў і мудрасцяў, пра якія раней нават не ведала. Вельмі рада знаёмству з Валерыяй. І рада, што ў Вас атрымалася стварыць цёплую і сяброўскую атмасферу! Тут заўсёды можна было задаць пытанне і выказацца на любую тэму. Усё было цікава, натхняльна і вельмі карысна!
Праходжанне курса прынесла мне вялікую карысць. Я не толькі разабралася з прыладай тэлефона (навучылася яго чысціць і наладжваць), але і адкрыла для сябе шмат новых магчымасцей. Дзеля забеспячэння бяспекі цяпер карыстаюся сайтам «КіберБабёр». Дзякуючы курсу ў мяне з’явіўся «профіль зауфаны» і я знайшла важныя сайты, неабходныя для жыцця ў Польшчы. Асобнае адкрыццё – чат GPT. Ён стаў маім незаменным памочнікам у працы і творчасці. А натхненне для творчых праектаў цяпер планую чэрпаць з дапамогай сэрвісу Suno. За 5 заняткау – шмат карысцi. Дзякуй, Валерыя!
Валерия, спасибо большое за занятия! На каждом из 5 занятий для меня было интересно узнавать новую и полезную информацию о смартфонах.
Валерыя, вялікі Вам дзякуй за ВАШ час і ўвагу да нашай групы навучэнцаў. Вашыя парады нам вельмі спатрэбяцца!
УЗВ-Беласток

Тут чарговы навучальны тыдзень прайшоў у звычайным рытме. Студэнты працягвалі засвойваць скандынаўскую хадзьбу, малявалі, рыхтавалі выпускную тэатральную пастаноўку.

Свой выпускны “прадукт” збіраюцца паказаць і ўдзельніцы курса Рэгіны Лавор «Павязь часоў». Жанчыны ткуць прыгожыя паясы і рыхтуюцца да выпускной сустрэчы, каб паказаць створаную імі прыгажосць.
УЗВ-Гданьск
Мінулы тыдзень тут быў па-сапраўдаму насычаным і натхняльным. Нашы студэнты працягвалі вывучэнне беларускай мовы, стваралі яскравыя прэзентацыі ў Canva і паспяхова завяршылі курс па арт-тэрапіі.
Заняткі па нутрыцыялогіі настолькі захапілі ўдзельнікаў, што было прынята рашэнне падоўжыць курс яшчэ на два заняткі – цікавасць і ўключанасць групы кажуць самі за сябе.
Таксама ў Гданьску распачаўся новы курс па па нейрагімнастыцы. Яго ўдзельнікі на першым занятку трэніравалі памяць, увагу і дробную маторыку.

Дзякуй вялікі за Нейрагімнастыку! Мазгі крыху скурчыліся, затым закіпелі, але настрой – Супер!
Мора эмоцый і перажыванняў, прыгажосць, водары і творчасць – гэтыя словы пра майстар-клас «Лавандовая саната», які правяла адна са студэнтак УЗВ. Кожная ўдзельніца гэтага майстар-класа стварыла і забрала дахаты лавандавы падарунак і часцінку любові ад Таццяны.









Паважаная спадарыня Таццяна! Дзякуй вялікі!!! Ваш майстар-клас – гэта штосьці неверагоднае!
А ў скарбонку работ для будучай выпускной выставы дадаліся цудоўныя снегіры і цюльпаны, створаныя на занятках па маляванні.

УЗВ-Уроцлаў
Тут акрамя заняткаў па раскладзе адбылася прэзентацыя кнігі Дар’і Ракавай “Я/Мы Эміграцыя”, якая сабрала не толькі студэнтаў УЗВ, але і шмат іншых людзей.

Яшчэ адным агульным мерапрыемства стала сустрэча, прысвечаная модзе і стылю ў сталым узросце.
Студэнты УЗВ разам з эксперткай Аксанай Князевай разбіраліся ў тым, як падбіраць рэчы і колеры, каб выглядаць па-сучаснаму, як купляць менш, але больш эфектыўна, як падкрэсліць свае моцныя бакі.

Таксама працягваліся заняткі па генеалогіі і трэніроўцы памяці.

А яшчэ распачаўся курс шпацыраў па Уроцлаве, дзе студэнты спазнаюць гісторыю і культуру горада.






