УЗВ: заняткі для сталых беларусаў распачаліся ва Уроцлаве

Адкрыццё Універсітэта Залатога Веку ва Уроцлаве прайшло 17 студзеня ў цёплай, жывой і вельмі шчырай атмасферы. Сустрэчу распачала прывітальным словам кіраўніца аддзела інфармацыі бібліятэкі, якая сардэчна павітала ўсіх удзельнікаў.

Затым адбылася прэзентацыя, падчас якой была прадстаўлена праграма УЗВ і адбылося знаёмства з выкладчыкамі. Гэта быў важны і хвалюючы момант – універсітэт пачаў набываць свае абрысы, напаўняцца імёнамі, ідэямі і чаканнямі.

Пасля афіцыйнай часткі ўдзельнікаў чакала кава-паўза – час для нефармальных размоў, усмешак і жывых сустрэч з выкладчыкамі.

Наступным этапам стала гутарка і прэзентацыя кнігі Арцёма Шуканова «Пентаквантар» з удзелам прадстаўніка выдавецтва Gutenberg.

Удзельнікі актыўна задавалі пытанні, разважалі, дзяліліся ўражаннямі – завязаўся сапраўды жывы і насычаны дыялог.

Пазней наступіў час вольных зносін: знаёмства, размовы, адкрыццё аддзела славянскай літаратуры, дзе ў далейшым будуць праходзіць асноўныя заняткі УЗВ.

Тут жа кожны меў магчымасць пакінуць свае пажаданні і ўражанні ў кнізе пажаданняў, якая знаходзіцца ў каардынатара праекта – як знак удзелу, падтрымкі і супольнасці.

Пажаданні для УЗВ ад славутага Уладзіміра Някляева

Людзі не спяшаліся разыходзіцца – было адчуванне, што многім так не хапала жывых сустрэч, размоў вочы ў вочы, чалавечай блізкасці.

Сустрэча працягвалася некалькі гадзін, але цёплыя ўражанні і адчуванне супольнасці засталіся надоўга.

Ініцыятарам праекта з’яўляецца IFAE – Міжнародны фонд развіцця адукацыі дарослых (Międzynarodowa Fundacja Rozwoju Edukacji Doroslych), заснаваны ў 2023 годзе ў Польшчы камандай з больш як 15-гадовым досведам працы са сталымі людзьмі – стваральнікамі першага беларускага Універсітэта Залатога Веку ў Гродне (2010–2023).

Праца Беларускага УЗВ адначасова распачалася ў чатырох гарадах Польшчы: Варшаве, Уроцлаве, Гданьску і Беластоку.

Ва Уроцлаве лакальным партнёрам УЗВ з’яўляецца Dolnośląska Biblioteka Publiczna im. Tadeusza Mikulskiego we Wrocławiu.

Яшчэ запісы