Пляцоўка Беларускага Універсітэту Залатога Веку адчынілася ў Беластоку
Прэзентацыя гэтай адукацыйнай праграмы для сталых беларусаў адбылася 15 студзеня ў памяшканні Fundacji OKNO NA WSCHÓD.
Удзел у сустрэчы ўзялі будучыя студэнты, выкладчыкі, арганізатары і партнёры УЗВ.

На прэзентацыі былі прадстаўлены гісторыя стварэння Універсітэту, расклад заняткаў.
У Беластоку УЗВ прапануе насычаную праграму: курсы польскай мовы, інфармацыйнай бяспекі, мастацкія і рамесныя заняткі, nordic walking, а таксама тэатральную студыю.
Курсы праводзяць вядомыя беларускія акцёры, мастакі, педагогі і аніматары культуры. Удзел студэнтаў у занятках з’яўляецца бясплатным.

Універсітэт Залатога Веку – гэта адукацыйна-інтэграцыйная праграма, скіраваная сталым беларусам, якія жывуць у эміграцыі ў Польшчы. Універсітэт стварае прастору, якая спрыяе актыўнасці, інтэграцыі і пабудове сацыяльных сувязяў, пошуку новых сэнсаў жыцця ў сталым узросце.

Ініцыятарам праекта з’яўляецца IFAE – Міжнародны фонд развіцця адукацыі дарослых (Międzynarodowa Fundacja Rozwoju Edukacji Doroslych), заснаваны ў 2023 годзе ў Польшчы камандай з больш як 15-гадовым досведам працы са сталымі людзьмі – стваральнікамі першага беларускага Універсітэта Залатога Веку ў Гродне (2010–2023).
Праца Беларускага УЗВ адначасова распачалася ў чатырох гарадах Польшчы: Варшаве, Уроцлаве, Гданьску і Беластоку.
У Беластоку лакальным партнёрам УЗВ з’яўляецца Fundacja OKNO NA WSCHÓD.
Навучанне ў першым семестры ў гэтых гарадах пачалі 150 чалавек, якія ўдзельнічаюць у адукацыйных, культурных і інтэграцыйных занятках.
Першы семестр працягнецца да сярэдзіны красавіка.






