Сталыя беларусы Гданьска ўжо могуць наведваць Універсітэт Залатога Веку

Адкрыццё Беларускага Універсітэта Залатога Веку (УЗВ) адбылося 15 студзеня ў гданьскім Еўрапейскім Цэнтры Салідарнасці.

У час прэзентацыі універсітэта яго стваральнікі Вітаўт і Лана Руднікі распавялі пра гісторыю і мэту заснавання УЗВ, а выкладчыкі прэзентавалі свае курсы і распавялі, якія веды можна на іх здабыць.

Лана і Вітаўт Руднікі

Студэнты змаглі задаць свае пытанні, пазнаёміцца, запісацца на курсы, якія іх зацікавілі.

Універсітэт створаны для сталых беларусаў, якія жывуць зараз у Польшчы, каб дапамагчы ім адаптавацца ў новай краіне, знайсці сяброў, прыязнае атачэнне, здабыць карысныя веды і проста цікава правесці  свой час.

У навучальнай праграме ў Гданьску дзевяць курсаў: па мастацтве, фінансавай граматнасці, беларускай мове, італьянскай культуры, нутрыцыалогіі і іншых.

Навучанне ва Універсітэце цалкам бясплатнае. Усе арганізатары і выкладчыкі працуюць як валанцёры.

Чэслава прыйшла проста паслухаць і думала, што потым папросяць заплаціць грошы. Жанчыне 64 гады. У Гданьск яна прыехала два гады таму да дачкі і засталася. 

Я вельмі ўражаная ўсім, што тут адбывалася. Столькі цікавых людзей, столькі магчымасцей. Я запісалася на ўсе курсы. Маю час таму буду вучыцца. Асабліва мяне цікавіць беларуская мова, італьянская культура і нутрыціалогія. Хачу быць здаровай і падарожнічаць.

Вячаславу 72 і ён у Гданьску 4 гады. Мужчына мае польскія карані, але лічыць сябе беларусам. 

Ён стараецца хадзіць на ўсе спатканні дзе збіраюцца беларусы, цікавіцца гісторыяй і культурай Беларусі.

Сёння прыйшоў на адкрыццё Універсітэта Залатога Веку і мне вельмі прыемна, што есць столькі беларусаў, якім  гэта цікава.

Тамара самая сталая студэнтка, якая запісалася на курсы.  Яна прыйшла разам са сваёй дачкой Жаннай, якой 65 і мужам дачкі Аляксандрам. Уся сям’я пераехала  ў Польшчу тры гады таму і ўжо прызвычаіліся да жыцця ў новай краіне. Тамара трохі саромецца свайго ўзросту, але бадзёра ўсміхаецца і збіраецца актыўна здабываць новыя веды.

Першыя заняткі ва Універсітэте Залатога Веку ў Гданьску пачынаюцца з 20 студзеня, але да канца студзеня яшчэ ёсць магчымасць запісацца на іх. Для гэтага трэба затэлефанаваць па тэлефоне +48 453 350 271 (Надзея), выбраўшы папярэдне на сайце УЗВ курсы, якія вас цікавяць.

Воля Вашчыла

Яшчэ запісы